Шатдаўн у М'янме: новая гісторыя са старымі выклікамі
26.7.2021 - 3 хв чытання
Абноўлена: 26.9.2021
Падтрымка 5 мільёнаў карыстальнікаў у М'янме — немалое дасягненне
Калі інтэрнэт згасае, знікае і сувязь з астатнім светам. Мы ведаем, што многія рэжымы выкарыстоўваюць цэнзуру ў інтэрнэце як спосаб здушэння грамадскай свядомасці, грамадзянскага пратэсту і мабілізацыі, і адключэнне сеткі часта з'яўляецца сігналам надыходу горшага. Гэта азначае, што наперадзе чакаюць новыя дрэнныя навіны. Калі ў М'янме згаслі агеньчыкі маршрутызатараў, увесь свет змяніўся для мільёнаў бірманцаў...
«Шок і абсалютнае бязвер'е» — так малады бірманец апісаў сітуацыю пасля лютаўскага перавароту. «Я страціў арыентыры ў жыцці», а таксама «сваю працу». Ён быў не адзіным, хто перажыў такі ўзровень дэзарыентацыі: каля 2 мільёнаў бірманцаў далучыліся да сеткі Psiphon усяго за некалькі дзён. Пасля гэтая лічба вырасла да 5 мільёнаў за наступныя пару месяцаў.
На графіку ніжэй паказана колькасць карыстальнікаў Psiphon з канца студзеня 2021 года па канец ліпеня 2021 года. Звярніце ўвагу на рэзкія скачкі колькасці карыстальнікаў 3 лютага (што супала з пераваротам) і 2 мая, што супала з аднаўленнем мабільнай сувязі.

Кошт аднаўлення доступу да міжнароднага інтэрнэту
Сетка сервераў, здольная вытрымаць такі велізарны прырост выкарыстання, павінна мець надзейную інфраструктуру і вялікі запас магутнасцей на выпадак, калі людзям спатрэбіцца доступ да міжнароднага інтэрнэту. Але як усё гэта працуе, калі цэнзары блакуюць інтэрнэт?
Уявіце інтэрнэт у выглядзе дарог, а людзей, якія карыстаюцца інтэрнэтам, — кіроўцамі на гэтых паласах. Некаторыя дарогі мясцовыя, гарадскія, а іншыя злучаюць вас з іншымі часткамі краіны. Цэнзура падобная да забароны руху па нацыянальных або мясцовых аўтамагістралях. Гэта можа рабіцца рознымі спосабамі: ад прымусовага зніжэння хуткасці да зняцця дарожных знакаў, якія паказваюць, як выехаць з горада.
Вось тады інструменты для абыходу цэнзуры, такія як Psiphon, уступаюць у дзеянне і разблакуюць дарогі. Psiphon выкарыстоўвае розныя тактыкі, каб падключыць людзей да міжнароднага інтэрнэту.
Сетка Psiphon выкарыстоўвае дзевяць розных пратаколаў, якія падключаюць людзей і дастаўляюць заблакаваны кантэнт. Гэтыя пратаколы пры працы непасрэдна ў сетцы Psiphon дапамагаюць размеркаваць нагрузку на сетку і пазбегнуць перагрузак, калі людзі атрымліваюць доступ да міжнароднага інтэрнэту, што азначае больш хуткае падключэнне і больш надзейную працу.
Гнуткасць, якую гэтыя спецыяльныя пратаколы свабоды інтэрнэту даюць такім сэрвісам, як Psiphon, дазваляе адказваць на запыты людзей у М'янме, Беларусі ці Азербайджане, калі доступ да інтэрнэту абмежаваны, але гэта каштуе рэальных грошай: кожны байт, які праходзіць праз сетку Psiphon, перасякае шэраг камерцыйных сетак, і кожная з іх спаганяе сваю цану за серверы і сеткавую інфраструктуру.
Баланс паміж патрэбамі і выдаткамі
Забеспячэнне гатоўнасці сеткі падтрымаць мільёны карыстальнікаў у любы неабходны момант застаецца адным з найбольшых выклікаў для супольнасці за свабоду інтэрнэту ў яе барацьбе супраць цэнзуры ва ўсім свеце.
Як і ў выпадку з любым іншым агульнадаступным пастаўшчыком паслуг, Psiphon не можа бясконца вытрымліваць такія маштабныя ўсплёскі на ўзроўні цэлай краіны, як у М'янме, або падтрымліваць некалькі такіх усплёскаў адначасова. Гэта сапраўды прыкра, бо можа азначаць страту апошняй надзеі многіх людзей на доступ да адкрытага інтэрнэту менавіта тады, калі ён ім найбольш патрэбны.
У рэшце рэшт, хоць свабода ў інтэрнэце і з'яўляецца фундаментальным правам чалавека, яна дакладна не бясплатная.
Далучайцеся
Свабода ў інтэрнэце — права кожнага, але толькі некаторыя з нас маюць магчымасць дапамагчы людзям у рэгіёнах з цэнзурай атрымаць доступ да адкрытага інтэрнэту. Будзьце адным з іх.
Што вы можаце зрабіць? Павышайце дасведчанасць, распавядаючы пра сітуацыю з інтэрнэтам у М'янме, і заахвочвайце іншых абмяркоўваць гэта ў сацыяльных сетках са сваімі сябрамі і людзьмі, якім важная свабода інфармацыі. Вы таксама можаце наўпрост падтрымаць такія інструменты, як Psiphon, якія дапамагаюць людзям у бядзе. Аформіце падпіску на Psiphon, калі вы знаходзіцеся не ў М'янме. Ваша падтрымка тых, каго пазбавілі права на доступ да інфармацыі ў інтэрнэце, будзе вельмі важнай для іх, як і для тых людзей, якія робяць усё магчымае, каб прынесці святло ў цемру цэнзуры.